Бондарава трапіла пад арышт за «экстрэмізм». Па вызваленні выпадкова патэлефанавала Андрэю Павуку. «Калегі» пра яе практычна не згадвалі.
Знаная праўладная і прарасейская актывістка, даносчыца Вольга Бондарава знікла з публічнай прасторы раніцай 26 сакавіка. Калі праз два дні яе сталі шукаць журналісты, «Зеркало» даведалася ад суда Маскоўскага раёну Менску, што Бондараву асудзілі на 13 дзён арышту. Пазней аўтар праграмы «Шухер-шоу» на «Белсаце» Андрэй Павук дазваніўся да мужа Бондаравай – той пацвердзіў, што актывістка трапіла пад арышт за «распаўсюд экстрэмісцкіх каналаў».
9 красавіка яна мусіла быць на волі, але праўладныя і прарасейскія каналы не паведамлялі пра ейнае вызваленне. Не казалі пра гэта і на ейных Telegram-каналах, якія хтосьці ўзяўся весці праз тыдзень па арышце аўтаркі. Але Бондарава сама выпадкова пра вызваленне паведаміла Павуку:
«Бондарава выйшла на волю. Толькі што мне ператэлефанавала. Пытала, што хацеў. Не пазналі мы адно аднаго», – напісаў Павук на Facebook. Ён адзначыў, што Бондарава «не гаваркая».
У сеціве беларусы шмат кпілі з арышту актывісткі, якая актыўна падтрымлівала масавыя рэпрэсіі. Заснавальнік фонду «BYSOL» Андрэй Стрыжак 1 красавіка сур’ёзна расказаў, пры якіх умовах Бондараву маглі б эвакуяваць з Беларусі. Ды людзі блізкіх ёй поглядаў не заступаліся за даносчыцу ў публічнай сферы.
Бондарава – не адзіная прарасейская актывістка, якая трапіла пад пераслед у сакавіку. З чым звязаная хваля рэпрэсіяў супраць іх, невядома.
Алесь Наваборскі belsat.eu